Цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял па далучэнні дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры, чым дзіцячы фальклор і народныя гульні. Творы вуснай народнай творчасці змалку ўваходзяць у дзіцячае жыццё; на прыкладзе знаёмых вобразаў(кот, гусі, каза), праз нескладаныя сюжэты выхоўвае веру ў дабро, справядлівасць, раскрывае маральна-этычныя погляды беларусаў, дае магчымасць прывіць любоў і павагу да роднага слова. Ужо сёння важна звярнуць увагу на выхаванне пачуцця патрыятызму, пазбаўленне комплексаў нацыянальнай прыніжанасці і нігілізму. Гэта задача набывае актуальнасць у наш час у сувязі з агрэсіўным наплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са сваёй нацыянальнай культурай.
Спецыфічныя ўмовы двухмоўя патрабуюць асаблівай увагі да авалодання дзецьмі роднай беларускай мовай. Сітуацыя, калі дзеці адначасова чуюць і рускую, і беларускую мовы, садзейнічае аднолькаваму ўзроўню іх ўспрымання, разумення. Улічваючы гэтыя асаблівасці, неабходна, каб дзеці часцей чулі, разумелі, ведалі родную беларускую мову, каб авалоданне правільным беларускім маўленнем ажыццяўлялася ў працэсе арганізаванага навучання.
Вызначым мастацкія асаблівасці кожнага віда фальклорных твораў.
КАЛЫХАНКІ – асноўная задача –супакоіць дзіця мелодыкай, рытмам вершаваных строк, ціхім голасам, ласкавымі словамі. Часцей за ўсё – гэта калыханкі пра ката. Раней, перш чым пакласці дзіця ў ложак ці калыску, туды пускалі ката, каб ён забраў усе чары, а пакінуў толькі цяпло, дабро, прыязнасць.
ЗАБАЎЛЯНКІ, ПАЦЕШКІ – суправаджаюць пальчыкавыя гульні, гушканне, пацягванне, першыя крокі дзіця, супакойванне, кармленне.
ПЕСНІ – адносяцца песні дарослых для дзяцей і тыя песні, што выконваюць самі дзеці. Праз песні атрымоўваюць пэўныя ўяўленні аб навакольным свеце, выхоўваецца павага да працы, асуджаецца лянота, абыякавасць. Займальнасць сюжэта, яго дынамічнасць, кампазіцыйная стройнасць спрыяюць вобразнаму мышленню, адначасова дапамагаюць засвоіць пэўныя гукі (прыпевы гой-гой-гой! Люлі-люлі)
ЗАКЛІЧКІ – гэта зварот, заклік да сіл прыроды, з’явам, адухаўленне прыроды.
ДРАЖНІЛКІ – лаканічныя, невялікага памеру, высмейваюцца нейкія адмоўныя рысы чалавека ці жывел, дакладна перадаюць пэўную рысу характару.
ЛІЧЫЛКІ – прысвечаны для ўстановы чароднасці ў гульнях, выбар вядучага.
ГУЛЬНІ – прасочваецца цесная сувязь з земляробствам, з бытам, з навакольнай прыродай; многія гульні заснаваны на перайманні рухаў, дзеянняў пры пэўных гаспадарчых працах. У некаторыя гульні арганічна ўваходзяць і іншыя творы дзіцячага фальклору – лічылкі, забаўлянкі, калыханкі.
КАЗКІ – універсальны сродак народнай педагогікі; утрымліваюць жыццевы маральны вопыт, народную мудрасць, рыхтуюць дзяцей да самастойнага жыцця, вучаць адрозніваць добрае ад дрэннага. Казкі вабяць дзяцей цікавымі персанажамі, прыгодніцкімі дзеямі, чараўніцтвамі, сакавітасцю роднага слова. Казкі лепш расказваць, чым чытаць, расказваць пранікнене і цікава, гледзячы у вочы дзецям.
ЗАГАДКІ – у сціслай і дакладнай форме падводзілі вынікі назіранняў за цэлымі групамі жыццевых з’яў, жывел, птушак, вызнаючы іх характэрныя асаблівасці; загадкі служаць разумоваму выхаванню.
ПРЫКАЗКІ – трапнае, лаканічнае, устойлівае народнае выслоўе павучальнага зместу, якое мае прамы і пераносны сэнс. У ёй выказваецца закончаная думка, якая дзякуючы шырокім абагульненням дае ацэнку з’яў, падзей, узаемаадносін паміж людзьмі.
ПРЫМАЎКІ – характарызуецца незакончанасцю думкі, не мае абагульняючага значэння і выкарыстоўваецца найчасцей у канкрэтнай моўнай сітуацыі, можа быць зразумелай толькі ў кантэксце.
Прыказкі і прымаўкі надаюць мове выразнасць, яскравасць, вобразнасць, садзейнічаюць выхаванню высокіх маральных пачуццяў, перадаюць жыццёвы вопыт і маральна-практычную філасофію народа.